Без рубрики

У «Віцебскім лістападзе» ўпершыню будуць удзельнічаць дзеці


Фота з архіва

22 верасня, Віцебск /Алеся Пушнякова . Навінкай юбілейнага 35-га адкрытага фестывалю аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад», які пройдзе з 15 па 17 кастрычніка, стане ўдзел дзяцей ва ўзроставай катэгорыі 10+. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі расказалі журналістам арганізатары форуму,

У дэбютнай намінацыі юныя артысты будуць выступаць з вакальнымі нумарамі і ў жанры мастацкай дэкламацыі. Гэты эксперымент пакажа, наколькі запатрабаваным у падрастаючага пакалення стане фестываль. Аднак цяпер ужо ў арганізатараў у планах на наступны год ёсць задумы на пашырэнне праграмы для самых маладых удзельнікаў фестывалю, у тым ліку ўключэнне ў яе экскурсій па славутых мясцінах Віцебска.

Яшчэ адным ноу-хау стане паэтычны экспромт, натхнёны цяперашняй выставай вядомай віцебскай мастачкі Валянціны Ляховіч. Яна будзе экспанавацца ў фае канцэртнай залы «Віцебск» і любы ўдзельнік паэтычнага конкурсу зможа пакінуць аб упадабанай рабоце водзыў у рыфмаваных радках. Затым гэтыя афлайн-каментарыі будуць зачытвацца ў фінале конкурсу, а пасля будуць перанесены на паперу і стануць суправаджэннем выставы на працягу месяца, пакуль творы мастачкі будуць даступныя для жыхароў і гасцей абласнога цэнтра.

Што датычыцца экспазіцыі, то сама аўтар на прэс-канферэнцыі адзначыла, што ў ёй будуць прадстаўлены работы розных фарматаў, жанраў, стыляў — ад невялікіх да метровых, ад карцін да скульптур. «Гэта будзе своеасаблівы адукацыйны праект. Мне хочацца, каб наш віцебскі глядач вырас у сваім разуменні прыгожага, зразумеў глыбіню, сэнс і змест канцэптуальнага мастацтва», — падзялілася Валянціна Ляховіч.

Таксама арганізатары фестывалю расказалі, што ў гэтым годзе мерапрыемства пройдзе ў двух фарматах — вочным і анлайн. Ужо больш за 100 чалавек падалі заяўкі, частка з іх — госці з-за мяжы — будзе выступаць у зум-канферэнцыі. Некаторыя члены журы таксама будуць назіраць за паэтычнымі батламі і выносіць сваё рашэнне анлайн.

У гэтым годзе геаграфія форуму ахопіць шэсць краін: Беларусь, Расію, Украіну, Ізраіль, Латвію, Новую Зеландыю. Фестываль стартуе з паэтычнага турніру, які пройдзе 15 кастрычніка. У ім змогуць прыняць удзел не толькі фіналісты конкурсу паэзіі, але і ўсе жадаючыя, у тым ліку члены журы і журналісты, адзначылі арганізатары. У гэты дзень запланавана экскурсійная праграма для ўдзельнікаў. Увечары адбудзецца канцэрт «Час лістападу». Тут выступяць барды з-за мяжы і віцебскія артысты.

Вельмі плённая конкурсная праграма чакае ўдзельнікаў і гледачоў 16 кастрычніка. Паралельна на розных пляцоўках будуць ісці песенныя і паэтычныя спаборніцтвы. Увечары таго ж дня адбудзецца гала-канцэрт, дзе пакажуць сябе лаўрэаты конкурсаў. Акрамя таго, 16 кастрычніка пройдзе аўтарскі майстар-клас па гітары, дзе юным і дарослым выканаўцам раскажуць, як ствараць акампанемент да сваіх песень, як пазбегнуць памылак і развівацца ў творчасці. Арганізатары фестывалю падкрэслілі, што такога адукацыйнага элементу даўно не хапала і ў будучым майстар-класы на форуме будуць праводзіцца пастаянна і іх тэматыка пашырыцца.

Паэтычны канцэрт «Ключ ад сёмага неба» завершыць праграму трох фестывальных дзён 17 кастрычніка.

На працягу ўсяго фэсту ў адной з лож канцэртнай залы будзе працаваць «вулічнае кафэ». У ім кожны наведвальнік зможа з дапамогай свабоднага мікрафона паразмаўляць з удзельнікамі і задаць ім пытанне, якое цікавіць. Таксама ствараць асаблівы настрой і атмасферу на фестывалі будуць артысты віцебскага маладзёжнага тэатра «Кола».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»
Закрыть