Без рубрики

У Літве няхватка грузаперавозчыкаў можа прывесці да дэфіцыту тавараў


Фота Shutterstock

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Няхватка грузаперавозчыкаў у Літве ў бліжэйшы час можа прывесці да дэфіцыту некаторых тавараў, як гэта раней адбылося ў Вялікабрытаніі. З такім прагнозам выступіла Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў Linava, паведамляе Delfi.

Паводле слоў кіраўніка асацыяцыі Зенонаса Буйвідаса, апошні год быў вельмі цяжкі для транспартнага сектара. А цяперашняя сітуацыя нават не крытычная, а экстрэмальная з-за няхваткі вадзіцеляў цягачоў. «Няхватка прафесійных вадзіцеляў усё больш перашкаджае зладжанай рабоце кампаній. Перавозчыкі спазняюцца з дастаўкамі тавараў, таму плацяць пеню і штрафы, з імі часта скасоўваюць дагаворы. Між тым цягачы ўсё часцей стаяць без работы, а бізнес павінен выплачваць крэдыты банкам. І гэта не ўсё. Сітуацыя абвастраецца з кожным днём. Мы не выключаем магчымасці брытанскага сцэнарыя, калі ўзнікнуць праблемы з дастаўкай некаторых тавараў, хоць некаторыя збоі назіраюцца ўжо цяпер», — сказаў Зенонас Буйвідас.

Паводле яго слоў, гэта праблема абвастрылася пасля таго, як міністр сацыяльнай абароны і працы Моніка Навіцкенэ не выдзеліла дадатковыя 15 тыс. квот для найму вадзіцеляў з трэціх краін.

Як заявіў віцэ-прэзідэнт асацыяцыі перавозчыкаў Linava Вітас Бучынскас, не ўсе літоўскія ведамствы чуюць і разумеюць праблемы, з якім сутыкнуліся грузаперавозчыкі. «Наш сектар цяпер як ніколі мае патрэбу ў дапамозе з боку ўлады, трэба, каб прыслухаліся да нашых праблем, патрэбна разуменне, што не трэба развальваць створанае за час незалежнасці. Транспартны сектар — не толькі адна з самых моцных галін прамысловасці нашай краіны. Ён вылучае Літву на фоне іншых краін. Таму ўрад павінен нас пачуць і гаварыць з намі», — сказаў Бучынскас.

Паводле яго слоў, прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманітэ магла б прыпыніць перавод гэтага бізнесу ў іншыя краіны, напрыклад, у Польшчу, Бельгію, Галандыю, Германію, дзе ўмовы больш спрыяльныя. Вітас Бучынскас таксама адзначыў, што сектар транспарту і лагістыкі дае 13,3 працэнта ВУП усёй краіны. У гэтым сектары працуюць больш за 77 тыс. вадзіцеляў і 100 тыс. работнікаў іншых сфер.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»
Закрыть