Без рубрики

Старшынёй праўлення Белкаапсаюза выбраны Алег Мацкевіч


Алег Мацкевіч

8 кастрычніка, Мінск . Старшынёй праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў выбраны Алег Мацкевіч,

Выбранне адбылося на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Белкаапсаюза, які сёння праходзіць у Палацы Рэспублікі.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, прадстаўляючы кандыдатуру новага кіраўніка, ахарактарызаваў яго як вопытнага і дасведчанага кіраўніка. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што падбор на пасаду старшыні Белкаапсаюза быў строгім і патрабавальным, кандыдатура ўзгоднена з Прэзідэнтам Беларусі.

“Сустрэчы такога маштабу праходзяць нечаста. Для спажыўкааперацыі краіны сённяшняе мерапрыемства з’яўляецца ў пэўным сэнсе чарговай гістарычнай вяхой у жыццядзейнасці вашай арганізацыі, – адзначыў Ігар Сергяенка. – Удзел Прэзідэнта Беларусі надасць нашаму сходу асаблівую атмасферу. З аднаго боку, вам трэба будзе сёння выбраць новага кіраўніка, паколькі Валерый Іваноў быў назначаны кіраўніком спраў Прэзідэнта Беларусі. А з другога боку – крытычна, сумленна і прынцыпова даць аб’ектыўную ацэнку стану спраў у ведамстве”.

“Рыхтуючыся да сённяшняга мерапрыемства, мы дэталёва прааналізавалі ўсе задачы і даручэнні, якія ставіў кіраўнік дзяржавы перад вамі на працягу апошніх 10 гадоў, – адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. – Ёсць пэўныя поспехі. Але, на жаль, многія праблемы не вырашаны і частка з іх мае хранічны, застарэлы характар. Зразумела, што сёння ў бягучых умовах, ва ўмовах санкцыйнага націску, складанага бюджэту эканамічная эфектыўнасць кожнай галіны, кожнага прадпрыемства выходзіць на першы план. Без яе захаваць незалежнасць краіны немагчыма. Кожнаму на сваім участку работы – ад вадзіцеля аўтакрамы і нарыхтоўшчыка да членаў праўлення – неабходна памяняць сваё мысленне і стаўленне да справы. Прэзідэнт пастаянна падкрэслівае: як раней не будзе. Сёння мы знаходзімся ва ўмовах гібрыднай вайны, і не думайце, што гэта не датычыцца ў нейкай ступені і вас. Калі не мабілізуемся, не справімся, не пачнём працаваць на вынік, то шанцаў перамагчы, зразумела, не будзе”.

Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў Белкаапсаюзе працуе больш за 40 тыс. чалавек, вялікім з’яўляецца ахоп сельскага насельніцтва – да 3 млн чалавек.

“Вы прадстаўляеце ўладу сёння на месцах. Самыя злабадзённыя праблемы людзей вы адчуваеце аднымі з першых, з’яўляючыся пэўным барометрам у ацэнцы настрою, каналам сувязі ў вырашэнні тых праблем, якія ўзнікаюць у жыхароў нашай краіны. І часта нават больш важным, чым мясцовая вертыкаль улады. Менавіта таму вы заўсёды будзеце знаходзіцца ў полі зроку і грамадства, і дзяржавы”, – падкрэсліў ён.

“Вы за сто гадоў даказалі, што ў вас у вачах гараць не грошы, а жаданне вырашаць праблемы простых людзей. У сваёй сферы вы найбольш востра працуеце з тымі задачамі, якія не датычацца ні аднаго бізнесу, – прадоўжыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. – Сёння вы канкурыруеце з гандлёвымі сеткамі. Так, былі кропкавыя эксперыменты ў асобных рэгіёнах нашай краіны па ўваходзе гандлёвых сетак на рынкі сельскага гандлю. Але пакуль сур’ёзных вынікаў мы не бачым. Усё роўна ў маштабах краіны вы застаяцеся самай значнай гандлёвай сеткай і ў вялікіх гарадах, і ў сельскай мясцовасці. Там няма шалёнага прыбытку і вялікіх даходаў. Гэта толькі адзін штрых да сучасных рэалій, у якіх сёння працуе сістэма спажыўкааперацыі”.

Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Валерый Іваноў адзначыў неабходнасць адаптацыі спажыўкааперацыі да змененых умоў на рынку. “Сучасны рынак патрабуе крыху іншага ўзроўню прыняцця рашэнняў, чым гэта было 5 або тым больш 15-20 гадоў таму. Цяпер прапанаванне перавышае попыт, усяго ў дастатку, канкурэнцыя вельмі высокая. Усё памянялася, таму працаваць так, як раней, мы не можам. Трэба развівацца, зарабляць грашовыя сродкі. У рыначнай канкурэнтнай барацьбе Белкаапсаюз павенен займаць сваё дастойнае месца. Існуючая сітуацыя патрабуе ад кіраўнікоў усіх рангаў зусім іншага мыслення і арганізацыі працы для атрымання добрага выніку”, – падкрэсліў ён.

Выбраны на сходзе старшыня праўлення Белкаапсаюза Алег Мацкевіч раней працаваў першым намеснікам старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, дзе курыраваў пытанні эканомікі, развіцця прамысловасці, якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі прамысловасці, бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, маёмасных адносін, а таксама прагназавання сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў, знешнеэканамічных і рэгіянальных сувязей. У ліку курыруемых ім напрамкаў былі абарона правоў спажыўцоў, узаемадзеянне з саветам Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і галіновымі прафсаюзамі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть