Без рубрики

Рацыён з высокай колькасцю солі можа актывізаваць імунітэт да анказахворванняў

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рацыён з высокай колькасцю солі актывізуе імунітэт да анкалагічных захворванняў. Да такой высновы ў выніку даследаванняў прыйшла група вучоных з Індыі, паведамляе выданне Сібірскага аддзялення РАН «Навука з першых рук».

Меркаванне, што соль (хларыд натрыю) уплывае на рост ракавых клетак, было ўпершыню выказана амаль сто гадоў таму — яшчэ ў 1933 годзе. Але толькі апошнія гады на лабараторных мышыных мадэлях раку было паказана, што рацыён, у якім вялікая колькасць солі, змяншае пухлінны рост. Аднак механізмы гэтага феномену дагэтуль былі практычна не вывучаны.

Каб запоўніць гэты прабел, вучоныя з Індыі імплантавалі лабараторным мышам клеткі меланомы (злаякаснае ўтварэнне скуры), якія развіваліся ў пухліны. Адна група такіх мышэй атрымлівала ежу са звычайнай (0,9 працэнта) колькасцю солі, другая — на 1 працэнт вышэй за норму, для трэцяй групы была прадугледжана высокасалявая дыета (на 4 працэнты вышэй за норму).

У першых дзвюх групах узровень іонаў натрыю ў крыві быў больш як на трэць ніжэйшы ў параўнанні са здаровымі жывёламі. У трэцяй групе, якая атрымлівала высокасалявую дыету, узровень натрыю аднавіўся да нормы. У гэтых мышэй быў падаўлены рост пухлін, якія да таго ж давалі менш метастазаў, а выжывальнасць была вышэйшая.

Аказалася, што ў мышэй, якія ўжывалі шмат солі, больш актыўна працавалі NK-клеткі — лімфацыты, якія ўмеюць распазнаваць і знішчаць пухлінныя клеткі, першая прыродная лінія абароны арганізма. Звычайна пры развіцці ракавых пухлін актыўнасць гэтых імунных клетак падаўляецца, аднак высокасалявая дыета ў гэтым выпадку давала ахоўны эфект.

На гэтым вучоныя не спыніліся. Як вядома, на лімфацытах ёсць асаблівыя рэцэптары (PD-1), якія актывізуюцца пры сустрэчы з пухліннымі антыгенамі. Менавіта такія імунныя клеткі пачынаюць знішчаць ракавую пухліну. Але пухліна ўмее абараняцца: яна стварае малекулы, якія звязваюцца з PD-1 і такім чынам спыняюць размнажэнне «лімфацытаў-забойцаў». Таму пры адным з варыянтаў імунатэрапіі раку хворым уводзяць антыцелы да PD-1, якія абараняюць імунныя клеткі ад уздзеяння пухліны. Аказалася, што калі такую тэрапію ў мышэй спалучаць з высокасалявой дыетай, то скорасць росту меланомы ў іх зніжаецца ў 10 разоў.

Пакуль эксперыменты праводзіліся толькі на мышах, аднак у будучым вучоныя плануюць вывучыць уплыў высокасалявой дыеты на імунатэрапію раку ў людзей.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»
Закрыть