Кіраўнік ААН: амаль 40 працэнтаў чалавецтва не могуць дазволіць сабе здаровае харчаванне
Фота Global Look Press
15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыблізна 3 млрд чалавек – каля 40 працэнтаў усяго насельніцтва Зямлі – не могуць дазволіць сабе здаровае харчаванне. Аб гэтым заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у відэазвароце з нагоды Сусветнага дня харчавання.
“Сёння 40 працэнтаў чалавецтва не могуць дазволіць сабе здаровае харчаванне. Гэта 3 млрд чалавек, – сказаў ён. – Расце голад, расце колькасць тых, хто недаядаюць, а таксама пакутуюць ад атлусцення”.
Антоніу Гутэрыш адзначыў, што ў выніку пандэміі каранавіруса і выкліканых ёю праблем у эканоміцы сітуацыя сур’ёзна пагоршылася – няхватку ежы цяпер перажываюць амаль 140 млн чалавек. “У той жа час тыя спосабы, з дапамогай якіх мы вырошчваем, спажываем і ўтылізуем прадукты харчавання, цяжарам кладуцца на нашу планету. Яны ствараюць беспрэцэдэнтны груз для нашых рэсурсаў, клімату і навакольнага асяроддзя, а таксама каштуюць нам трыльёны долараў”, – дадаў генеральны сакратар ААН.-0-