Вывяржэнне вулкана на Канарах: эвакуіравалі яшчэ 700 чалавек
Фота Getty Images
13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 700 чалавек былі эвакуіраваны за суткі ў сувязі з павелічэннем актыўнасці вулкана Кумбрэ-В’еха на іспанскім востраве Ла-Пальма, паведамляе Reuters.
Учора на востраве зафіксавалі 64 сейсмічныя штуршкі, пры гэтым вулканічная лава пачала рухацца да новых населеных пунктаў. Аэрапорт Ла-Пальма заставаўся адкрытым, але 11 рэйсаў былі адменены, а частка іншых адкладзена.
11 кастрычніка патокі лавы разбурылі цэментны завод у прамысловай зоне, у выніку чаго амаль 3,5 тыс. чалавек часова не маглі пакінуць свае дамы з-за воблака дыму.
Раней паведамлялася, што новыя патокі лавы, якія вызваліліся пры абрушэнні паўночнай часткі кратара вулкана на востраве Пальма, нясуць з сабой велізарныя абломкі горнай пароды.
Улады заявілі, што лава ад вывяржэння, якое пачалося 19 верасня, спустошыла ўвогуле амаль 600 га зямлі. Паводле даных Канарскага вулканічнага інстытута, за тры тыдні з пачатку вывяржэння вулкана патокі лавы разбурылі 1186 будынкаў і прымусілі эвакуіраваць каля 6,7 тыс. чалавек.-0-