Без рубрики

Петрышэнка: фестывалю нацыянальных культур неабходна надаць новы імпульс

12 кастрычніка, Мінск . Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур неабходна надаць новы імпульс. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы фестывалю,

“Сёння мы праводзім першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Склад аргкамітэта абноўлены, і цяпер мерапрыемства будзе праходзіць пад патранажам урада і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, – сказаў Ігар Петрышэнка. – Перад намі стаіць задача не толькі захаваць унікальны фестываль, але і надаць яму новы імпульс, павысіць яго статус і ўзровень прэстыжу”.

Адкрыццё фестывалю ў гэтым годзе адбылося 11 верасня ў Мінску, заключныя яго мерапрыемствы па традыцыі пройдуць у наступным годзе ў Гродне.

“Падрыхтоўка да фестывалю, як і да іншых мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню, павінна весціся зладжана і адказна, таму хачу абазначыць некалькі аспектаў. Па-першае, адборачнымі турамі і падрыхтоўкай займаецца Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Месяц таму мы далі старт фестывалю. Неабходна абмеркаваць, што адбываецца на гэтым этапе, якія задачы мы вырашаем, якая роля цэнтра ў гэтых пытаннях”, – звярнуў увагу намеснік прэм’ер-міністра.

Па-другое, паводле слоў віцэ-прэм’ера, работа над канцэпцыяй фестывалю, сцэнарнымі планамі, складам журы павінна ісці поўным ходам ужо цяпер. “Мы прывыклі з году ў год працаваць па адной схеме. На мой погляд, трэба адыходзіць ад шаблоннага правядзення свята, неабходны новыя ідэі і прапановы, – падкрэсліў Ігар Петрышэнка. – Заўсёды шмат пытанняў па сцэнарыях галоўных канцэртаў фестываляў. Тут таксама патрэбны свежыя ідэі і, вядома ж, новыя імёны”.

Па-трэцяе, не павінны застацца ўбаку беларускія дыяспары за мяжой. “Наколькі яны інфармаваны аб правядзенні фестываляў, ці ёсць прапановы па пашырэнні геаграфіі яго ўдзельнікаў”, – дадаў ён.

Таксама віцэ-прэм’ер адзначыў, што трэба перагледзець этапы правядзення заключных мерапрыемстваў у Гродне і перанесці іх з чэрвеня на верасень. “Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур можа стаць яркім складнікам святкавання нашага новага свята – Дня народнага адзінства. Таму гэту тэму таксама трэба абмеркаваць і прапрацаваць”, – падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть