Без рубрики

ФПБ: прафсаюзы рэгулярна фіксуюць рост цэн на бульбу і традыцыйную для беларусаў агародніну

6 кастрычніка, Мінск . Захаванасць убранага ўраджаю, насычанасць айчыннага рынку агародніннай прадукцыяй і цэнаўтварэнне на гэту групу тавараў сталі цэнтральнымі пытаннямі пры наведванні старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілам Ордам ААТ “Азярыцкі-Агра”. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Маніторынг цэн, праводзімы нацыянальным прафцэнтрам, рэгулярна паказвае рост цэн на бульбу і традыцыйную для беларусаў агародніну. Напрыклад, у ліпені бягучага года ў параўнанні з цэнамі снежня 2020 года ў сярэднім кошт капусты і бульбы ў магазінах павялічыўся больш як у 2 разы, морквы і буракоў – больш як у 4 разы. Такая сітуацыя ў многім абумоўлена тым, што ў міжсезонне адзначаецца дэфіцыт айчыннай прадукцыі і на прылаўкі пастаўляецца імпартная, якая ў разы даражэйшая за айчынную.

“У сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках, напрыклад, у мінулым годзе было вырашчана амаль 600 тыс. т агародніны. Каб закрыць патрэбнасці ўнутранага рынку, неабходна толькі каля 50 працэнтаў ад гэтай колькасці. Тым не менш у міжсезонне мы фіксуем праблемы з наяўнасцю на прылаўках тых ці іншых відаў беларускай агародніны. Зразумела, што ў выніку цэны ўзлятаюць уверх. У выніку страчваюць усе: і людзі, вымушаныя купляць вельмі дорага, і краіна ў цэлым – мы трацім валюту на тое, што вырошчваем самі”, – адзначыў Міхаіл Орда.

Цяпер ідзе ўборка новага ўраджаю і цэнавая сітуацыя ў гэтай сферы выклікае пэўныя апасенні. Так, за год (верасень 2021 года ў параўнанні з цэнамі верасня 2020 года) прафсаюзы таксама адзначылі істотны рост цэн на агародніну (капусту – у 2 разы, бульбу – на 70 працэнтаў, буракі – больш за 60 працэнтаў, моркву – звыш 30 працэнтаў). Як паказвае практыка, пасля завяршэння ўборачнай кампаніі цана гэтай прадукцыі можа крыху зменшыцца. Але ўжо цяпер відавочна, што ва ўмовах даволі высокіх сусветных цэн на прадукты харчавання неабходна аператыўна прыняць меры, каб насыціць рынак айчыннай прадукцыяй на ўвесь будучы зімова-вясенні сезон і не дапусціць чарговага дэфіцыту і скачку цэн.

Як адзначыў Міхаіл Орда, гэта пытанне прафсаюзы неаднаразова абмяркоўвалі з вытворцамі, прадстаўнікамі гандлёвых сетак і органаў улады. Як паказвае аналіз, у многім гэта сітуацыя складваецца з-за недасканаласці сістэмы ўзаемадзеяння вытворцаў і гандлёвых сетак. “Усе рызыкі сёння практычна на вытворцах. Вырошчваеш – рызыкуеш, заключаеш кантракты – рызыкуеш, бо мала таго што гандлёвыя сеткі патрабуюць значных скідак ад вытворцаў, дык яшчэ і часта заключаюць дагаворы з адкладзеным плацяжом. Плюс да гэтага ёсць яшчэ і практыка вяртанняў: тое, што не прададзена, вытворца павінен забраць і аднесці сабе на затраты. Гэта несправядліва, – падкрэсліў старшыня ФПБ. – Гэтыя рызыкі трэба пераразмеркаваць паміж вытворцамі і прадаўцамі. Для падтрымання стабільнасці з цэнамі, наяўнасці прадукцыі гандлёвыя сеткі павінны ўзяць на сябе абавязацельствы па будаўніцтве або набыцці ў кожнай вобласці сучасных агароднінасховішчаў. Заключыць кантракты з вытворцамі і загрузіць восенню пад рэгіянальную патрэбнасць гэтыя агароднінасховішчы. Тады на рынку будзе тавар у неабходнай колькасці незалежна ад сезона, не будзе рэзкіх скачкоў цэн і мы не будзем залежаць ад якіх-небудзь знешніх фактараў.”

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть