Без рубрики

Еўропу накрывае новая хваля каранавіруса


Фота з архіва

Навіны сюжэта

“Каранавірус: апошнія навіны”

Лукашэнка наведвае Мінскую абласную клінічную бальніцу

У графіку Лукашэнкі зноў медыцынская тэматыка. Прэзідэнт наведвае клінікі ў Мінскім раёне

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адразу ў некалькіх еўрапейскіх краінах рэзка ўзрасла колькасць захварэлых на COVID-19, у некаторых дзяржавах зафіксаваны самыя высокія паказчыкі смяротнасці за ўвесь час пандэміі. Гэта вымушае ўлады зноў уводзіць каранцінныя меры і актыўна заклікаць людзей рабіць прышчэпкі, паведамляе ВВС.

19 кастрычніка ўрад Расіі прапанаваў увесці ва ўсёй краіне нерабочыя дні з 30 кастрычніка па 7 лістапада, каб спыніць распаўсюджванне пандэміі. Упершыню за апошні час новыя абмежаванні ўведзены ў Маскве: аб іх аб’явіў мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін. З 25 кастрычніка да 25 лютага ўлады рэкамендавалі заставацца дома непрышчэпленым масквічам старэйшым за 60 гадоў, а таксама тым, хто пакутуюць ад хранічных захворванняў.

На працягу апошняга месяца колькасць заражэнняў каранавірусам у Расіі вырасла на 70 працэнтаў, пры гэтым практычна кожны дзень фіксуецца новы максімум як новых выпадкаў захворвання, так і памерлых. Напрыклад, 19 кастрычніка паведамлялася аб 33,7 тыс. выпадкаў COVID-19 за суткі, ад наступстваў каранавіруса памерлі 1015 чалавек.

Расійскія ўлады тлумачаць такую статыстыку недастатковай вакцынацыяй. Паводле падлікаў агенцтва Reuters, у краіне было зроблена 98,7 млн прышчэпак, але з улікам таго, што для поўнай імунізацыі неабходны дзве дозы, гэта азначае, што вакцынавана толькі 34,2 працэнта насельніцтва краіны.

Украіна, дзе працэнт вакцынаваных яшчэ ніжэйшы (частковую імунізацыю тут прайшлі каля 19 працэнтаў насельніцтва, а поўную – каля 15 працэнтаў), таксама дэманструе значнае пагаршэнне сітуацыі. Так, 19 кастрычніка тут было зафіксавана 538 смярцей – найбольшая колькасць за час пандэміі, выяўлена 15,5 тыс. новых выпадкаў захворвання. У некалькіх рэгіёнах краіны, аднесеных да чырвоных зон, уведзены значныя абмежаванні.

Рэзка ўскладнілася сітуацыя і ў Латвіі. Улады гэтай краіны вырашылі ўвесці жорсткі лакдаўн з 21 кастрычніка па 15 лістапада: закрываюцца ўсе магазіны, акрамя самых неабходных, а таксама рэстараны, школы і месцы забаў; уводзіцца і каменданцкая гадзіна з 20.00 да 5.00. Гэта звязана з тым, што па колькасці захварэлых на кожныя 10 тыс. жыхароў Латвія цяпер займае другое месца ў Еўрасаюзе, пры гэтым за мінулы тыдзень захваральнасць узрасла на 49 працэнтаў. Імунізацыю прайшлі толькі каля 54 працэнтаў дарослага насельніцтва, пры тым што сярэдні паказчык па ЕС складае 74 працэнты.

Вельмі трывожныя навіны прыходзяць і з іншых еўрапейскіх краін. Рэкордная смяротнасць зафіксавана ў Румыніі, сістэма аховы здароўя краіны не спраўляецца з нагрузкай, у рэанімацыйных аддзяленнях больш няма месцаў. У Польшчы колькасць новых выпадкаў вырасла на 85 працэнтаў у параўнанні з папярэднім тыднем, у Нідэрландах тыднёвая захваральнасць павялічылася на 44 працэнты.

У Вялікабрытаніі, дзе адменены практычна ўсе каранцінныя меры ўнутры краіны, ужо сёмы дзень запар колькасць захварэлых перавышае 40 тыс. 19 кастрычніка таксама зарэгістраваны 223 лятальныя канцы – самы высокі паказчык з сакавіка. Улады папярэджваюць, што краіну “чакае цяжкая зіма” і абяцаюць у выпадку неабходнасці зноў увесці некаторыя абмежаванні.

Раней паведамлялася, што ў Вялікабрытаніі з’явілася і ўжо актыўна распаўсюджваецца новая небяспечная мутацыя каранавіруса – AY.4.2. Размова ідзе аб варыяцыі так званага дэльта-штама, тым не менш AY.4.2. значна больш заразны, чым зыходны варыянт.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть