Без рубрики

БУТБ: біржавы тавараабарот дэманструе дадатную дынаміку па ўсіх напрамках


Фота з архіва

11 кастрычніка, Мінск . У бягучым годзе біржавы тавараабарот дэманструе высокую дадатную дынаміку па ўсіх таварных напрамках. Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Андрэй Новікаў у час штогадовай канферэнцыі міжнароднай Асацыяцыі ф’ючарсных рынкаў, якая прайшла ў анлайн-фармаце, паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў і топ-менеджараў таварных і валютна-фондавых біржаў, разлікова-клірынгавых палат і крэдытна-фінансавых устаноў з розных краін свету.

“У бягучым годзе біржавы тавараабарот дэманструе стабільна высокую дадатную дынаміку па ўсіх таварных напрамках. Пры гэтым, як і ў выпадку з электроннай камерцыяй, пандэмія каранавіруса, насуперак песімістычным прагнозам, хутчэй пасадзейнічала развіццю біржавога сегмента таварнага рынку, чым затармазіла яго. Ва ўмовах закрытых граніц і дыстанцыйнай работы кампаніі сталі больш актыўна выкарыстоўваць сучасныя анлайн-інструменты і рашэнні, у тым ліку і біржавую пляцоўку. Напрыклад, для многіх беларускіх экспарцёраў біржа стала альтэрнатыўным каналам збыту, дзякуючы якому яны змаглі не толькі захаваць паказчыкі продажаў на дапандэмійным узроўні, але і палепшыць іх. Тое ж самае можна сказаць і пра замежных удзельнікаў таргоў, якія ацанілі перавагі механізма транзітных здзелак і сталі прымяняць яго на рэгулярнай аснове”, – сказаў Андрэй Новікаў.

У сваім выступленні перад прадстаўнікамі сусветнай біржавой супольнасці ён таксама звярнуў увагу на значнае пашырэнне геаграфіі паставак беларускіх піламатэрыялаў, рапсавага алею, цукровабурачных жамерынаў і мелесу, малакапрадуктаў, стальной арматуры і гарбарнай прадукцыі. Пры гэтым прыкметны рост біржавых продажаў быў характэрны і для ўнутранага рынку, асабліва па такіх пазіцыях, як вугаль, кармавыя дабаўкі, злакавыя, мяса, сродкі аховы раслін.

Аб высокай запатрабаванасці беларускай біржавой пляцоўкі сведчаць і даныя статыстыкі. Так, агульная сума здзелак, праведзеных на БУТБ за студзень – верасень бягучага года, склала $2,4 млрд, што на 62 працэнты больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года. З іх экспартныя транзакцыі – $564 млн, што на 76 працэнтаў больш за паказчык мінулага года. Павялічылася і кліенцкая база біржы: на 1 кастрычніка 2021 года на БУТБ было акрэдытавана 26 878 кампаній, уключаючы 5372 нерэзідэнты з 67 краін.

Асацыяцыя ф’ючарсных рынкаў (Association of Future Markets, AFM) створана ў 1998 годзе па ініцыятыве біржаў-заснавальнікаў: Будапешцкай таварнай біржы, Цэнтральнай разлікова-клірынгавай палаты і дэпазітарыя Будапешта, Румынскай таварнай біржы, ф’ючарснай біржы Буэнас-Айрэса, Амстэрдамскай таварнай біржы, Паўднёваафрыканскай ф’ючарснай біржы, Варшаўскай таварнай біржы і Малазійскай біржы дэрыватываў. Галоўная мэта – садзейнічаць фарміраванню і развіццю біржавых рынкаў і забяспечваць эфектыўную камунікацыю і ўзаемадзеянне паміж членамі асацыяцыі. Цяпер у склад AFM уваходзіць 29 біржавых і калябіржавых структур з 20 краін свету. БУТБ з’яўляецца паўнапраўным членам асацыяцыі з 2011 года.

ААТ “Беларуская ўніверсальная таварная біржа” створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ – адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы – садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть