Без рубрики

«Без тэрміну даўнасці»: дакументы Нюрнбергскага працэсу і прадметы з нацысцкіх канцлагераў прадставяць у музеі ВАВ


Фота з архіва

5 кастрычніка, Мінск . Часовая экспазіцыя «Нюрнбергскі набат. Без тэрміну даўнасці» адкрыецца 6 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

На выставе прадставяць больш за 200 унікальных экспанатаў, большасць з якіх дэманструюцца ў Беларусі ўпершыню. Сярод іх сапраўдныя дакументы і прадметы, звязаныя з падрыхтоўкай і ходам Нюрнбергскага працэсу.

«У экспазіцыі ёсць рэчы, якія належалі члену Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу Іану Нікітчанку і галоўнаму абвінаваўцу ад Савецкага Саюза Рамана Рудэнку, — расказалі арганізатары выставы. — У праекце таксама прадстаўлены замалёўкі, зробленыя ў ходзе судовага працэсу ўдзельнікамі знакамітай савецкай групы мастакоў-графікаў і жывапісцаў «Кукрыніксы». Акрамя таго, дэманструюцца рэліквіі, якія адлюстроўваюць жахлівую штодзённасць нацысцкіх канцлагераў: рэчы дзяцей-вязняў канцлагера Майданек, якія выклікаюць шчымлівае пачуццё спагады і болю, тканіна, вырабленая з выкарыстаннем валасоў жанчын, забітых нацыстамі ў Асвенціме, а таксама графічныя работы, выкананыя былымі вязнямі».

Матэрыялы для выставачнага праекта прадастаўлены Дзяржаўным цэнтральным музеем сучаснай гісторыі Расіі, Расійскім дзяржаўным архівам сацыяльна-палітычнай гісторыі, Архівам знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі і Галерэяй Мамантава. У адкрыцці выставы прымуць удзел унук галоўнага абвінаваўцы на Нюрнбергскім працэсе Рамана Рудэнкі Міхаіл Амірджанаў і кіраўнік праекта, аўтар сцэнарнай экспазіцыі, пісьменнік і гісторык Аляксандр Звягінцаў.

Галоўны судовы працэс ХХ стагоддзя пачаўся 20 лістапада 1945 года і закончыўся 1 кастрычніка 1946 года. Да сённяшняга дня Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу застаецца буйнейшым прававым дзеяннем прадстаўнікоў розных краін і ідэалогій, якія аб’ядналіся для суда над нацызмам. Перад трыбуналам паўсталі 24 абвінавачаныя, якія ўваходзілі ў вышэйшае кіраўніцтва нацысцкай Германіі. Усе 403 пасяджэнні суда былі адкрытыя. Яго работу шырока асвятляла сусветная прэса, вялася прамая радыётрансляцыя. З прызнаных вінаватымі ў цяжкіх злачынствах супраць міру і чалавечнасці 12 падсудных былі прыгавораны да смяротнага пакарання. Астатнім трэба было адбыць пажыццёвае зняволенне або доўгія тэрміны ў турме.

Работа экспазіцыі прадоўжыцца да 7 лістапада.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»
Закрыть